Першыя сярод сямейных экіпажаў

Камбайнеры-браты  Юрый і Ілья Неўдахі з КСУП “Відзіборскі” першымі ў раёне сярод сямейных экіпажаў намалацілі 1000 тон збожжа.

Павіншаваць іх з  працоўнай перамогай накіраваліся старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Вячаслаў Шэлест і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Семянюк. Разам з дырэктарам сельгаспрадпрыемства Сяргеем Пашкевічам едзем у поле, дзе кіпіць работа і працуюць ударнікі жніва. Тут засталіся лічаныя палоскі няскошанай збажыны. І толькі калі апошнія каласы былі абмалочаны, камбайнеры выйшлі з кабіны.

Браты Неўдахі звыш 35 гадоў працуюць у гаспадарцы, дваццаць з якіх шчыруюць на жніве – дзевяць гадоў адпрацавалі на “Доне” і вось ужо 12-ы сезон на “Палессі”. За добрасумленную працу неаднойчы адзначаліся кіраўніцтвам гаспадаркі, а ў мінулым годзе выйшлі пераможцамі раённага спаборніцтва сярод сямейных экіпажаў на жніве.

Тысячу тон збожжа ўраджаю 2021 года перавёз на аўтамабілі Рыгор Вярэніч. Рыгор Сямёнавіч пяты год працуе ў “Відзіборскім”. Да гэтага 21 год прысвяціў рабоце на пажарна-аварыйным выратавальным пасту ў Відзіборы, дзе быў вадзіцелем з дня заснавання. Яго МАЗу 16 гадоў,  самы стары ў гаспадарцы, тым не менш гэта не перашкодзіла Рыгору Вярэнічу ў ліку першых асіліць тысячны рубеж на перавозцы збожжа.

Сямейнаму экіпажу ў складзе Юрыя і Ільі Неўдахаў і вадзіцелю аўтамабіля Рыгору Вярэнічу ўручылі дыпломы за ўдарную працу і грашовыя прэміі, пажадалі новых працоўных дасягненняў і дабрабыту. У якасці падарункаў працаўнікі залатога палетку атрымалі майкі і кепкі з сімволікай рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.

Як адзначыў дырэктар КСУП “Відзіборскі” Сяргей Пашкевіч, працаўнікі, занятыя на жніве, забяспечаны двухразовым гарачым харчаваннем, мінеральнай вадой. У гаспадарцы ўборцы належыць 1550 гектараў збожжавых і 350 гектараў рапсу. На 28 ліпеня ўбрана было 50 працэнтаў плошчаў, сярэдняя ўраджайнасць складае 50,2 цэнтнера з гектара. Пра агульны намалот не стаў загадваць, толькі  не без гонару паказаў поле з пшаніцай, на якую мае добрыя разлікі. А яно і  сапраўды – сцяной стаіць пшаніца залатая…

Пажадаем удзельнікам жніва сонечнага надвор’я і каб спраўдзіліся ўсе іх прагнозы на ўраджай!