Кветкі для матуль

Па традыцыі ў Дзень маці старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў, старшыня раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Вячаслаў Шэлест з галоўным спецыялістам аддзела па адукацыі Святланай Ярмоліч наведаў дзіцячыя дамы сямейнага тыпу.

Па традыцыі ў Дзень маці старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў, старшыня раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Вячаслаў Шэлест з галоўным спецыялістам аддзела па адукацыі Святланай Ярмоліч наведаў дзіцячыя дамы сямейнага тыпу.

Быць маці – гонар для жанчыны. А стаць маці для чужых дзяцей, аддаваць сябе ім без астатку – работа не кожнаму пад сілу.

З 2012 года, з дня адкрыцця ў Століне першага дзіцячага дома сямейнага тыпу працуе мамай-выхавальнікам Святлана Анатольеўна Кананчук. З мужам Уладзімірам Максімавічам сёння ў іх на выхаванні восем дзетак. А для колькіх абдзеленых лёсам хлопчыкаў і дзяўчынак яны ўжо сталі роднымі! Некаторыя ужо нават стварылі свае сем’і, але не забываюць дом, дзе адчулі сябе патрэбнымі і агорнутымі клопатам і ўвагай, тэлефануюць, прыязджаюць, віншуюць са святамі. Вось і ў Дзень маці Святлана Анатольеўна расчулена дзеліцца радасцю: былыя выхаванцы парадавалі букетам кветак, а цяперашнія – цёплымі словамі віншаванняў і малюнкамі.

Вольга Адамаўна Леанавец – маці дваіх дзетак. А з красавіка гэтага года з мужам Аляксандрам Валер’евічам сталі бацькамі для яшчэ семярых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія выхоўваюцца ў другім дзіцячым доме сямейнага тыпу. Маладая жанчына на ранейшым месцы работы адчувала сябе не зусім рэалізаванай, таму вырашыла цалкам прысвяціць сябе дзецям і не шкадуе аб гэтым.

Гаспадыняй трэцяга дома з’яўляецца Валянціна Георгіеўна Ведзянеева з Лядца. Справа выхавання дзетак для яе не новая. З мужам Уладзімірам Валер’евічам яны з 2005 года маюць вопыт прыёмнай сям’і. У іх доме знайшлі прытулак пяцёра прыёмных дзетак. Сёння Ведзянеевы выхоўваюць шасцёра дзяцей, з якіх двое – свае. Вячаслаў Шэлест і Святлана Ярмоліч павіншавалі матуль-выхавальніц з Днём маці, падзякавалі ім за іх высакародную працу, уручылі кветкі і карысныя падарункі.