Узнагароды ад прафсаюзаў

10-11 чэрвеня старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Семянюк разам з начальнікам аддзела раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама Дзянісам Касцюкевічам уручылі падзячныя лісты і грашовыя выплаты лепшым працаўнікам, якія ўдзельнічалі ў нарыхтоўцы кармоў і дасягнулі высокіх паказчыкаў у тэмпах і якасці нарыхтаваных кармоў.

Людзі працавалі ад світання да заходу, каб своечасова справіцца з пастаўленымі задачамі: высокія тэмпы нарыхтоўкі, выдатная якасць, прыбаўленне тэмпу росту цэнтнераў кармавых адзінак на адну галаву. Тым не менш нехта справіўся з гэтым хутчэй і лепш.

Першай гаспадаркай на маршруце наведванняў стала «Прыпяць-2009», якая нарыхтавала травяністых кармоў для агульнай жывёлагадоўлі 1 288 тон кармавых адзінак, што складае на адну ўмоўную галаву – 4,9 ц кармавых адзінак. Ад Уладзіміра Мікалаевіча і Дзяніса Віктаравіча словы падзякі атрымалі Рыгор Каспяровіч, Вадзім Булыга, Уладзімір Булыга, Мікалай Вярэніч, Аляксандр Апанасовіч, Станіслаў Некрашэвіч. Прымала падзяку

і повар гаспадаркі Галіна Бокша.

– Калі працаўнікі смачна паелі, дык і работа будзе рабіцца, – адказалі ў адзін голас механізатары.

Дарафей Алейнік, Уладзімр Глуско, Уладзімір Банет, Іван Астапчук – работнікі з ААТ «Лядзецкі» – таксама ўдастоіліся віншаванняў і падзячных лістоў. Адзначу, што менавіта ў гэтай гаспадарцы высокія тэмпы нарыхтоўкі кармоў да ўзроўню мінулага года. Якасць кармоў таксама вялікая – 8,4 ц кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву.

У КСУП «Беражное» вызначыліся Віктар Васечка, Аляксандр Скрабец, Анатолій Германовіч і Віталій Буткевіч.

– Гэта заслужаныя ўзнагароды, – адзначыў Уладзімір Семянюк. – Работа працаўнікоў сельскай гаспадаркі ніколі не была лёгкай, але заўсёды – ганаровай і вельмі патрэбнай для нашага раёна. Кожны, хто задзейнічаны падчас нарыхтоўкі кармоў, павінен ведаць, што яго працу заўважаюць і шануюць.

Дзяніс Касцюкевіч цяпер упэўнены, што і другі, і трэці ўкосы пройдуць без праблем, дзякуючы такім работнікам.

Источник: polese.by